У 2025 годзе ў Мінску скончылі будоўлю новага квартала шматпавярховак. Гарадскія ўлады заяўлялі, што гэта будзе жыллё для чаргавікоў. «Люстэрка» даведалася, што насамрэч у адным з дамоў пасялілася некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі, уключаючы яго асабістых целаахоўнікаў.
Паводле інфармацыі «Люстэрка», у новабудоўлі па адрасе: вул. Валгаградская, 74, больш чым палова кватэр аказалася звязаная са Службай бяспекі Лукашэнкі і яе супрацоўнікамі. Два дзясяткі памяшканняў афіцыйна знаходзяцца ў аператыўным кіраванні гэтай структуры, а каля сарака новых уладальнікаў нерухомасці фігуравалі ва ўцечках як службоўцы аховы.
Да прыкладу, у спісе ўладальнікаў новых кватэр — Ілля Пагуляеў, які шмат разоў трапляў на фота з мерапрыемстваў з удзелам Лукашэнкі. Падчас фіналу конкурсу «Міс Беларусь» у верасні 2025 года ён сядзеў проста перад палітыкам побач з яго прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант.
Ахоўнік Уладзіслаў Кавалеўскі засланяў сабой палітыка ў Бішкеку некалькімі месяцамі пазней. А былы міліцыянт Андрэй Пузырэнка стаяў за спінамі наведнікаў храма ў Раўбічах, калі Лукашэнка прыехаў туды ў студзені 2026 года.
Трохпакаёўка ў новым доме дасталася целаахоўніку Арцёму Сабяшчанскаму, які некалькі разоў трапляў на фота як суправаджальнік Мікалая Лукашэнкі. Ягоны новы сусед Аляксандр Пашкевіч часцей працаваў на мерапрыемствах з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сяргеенкі, а Раман Карачан кантраляваў абстаноўку падчас паездкі ў Іран Рамана Галоўчанкі.
Варта адзначыць, што не ўвесь 16-павярховы дом перайшоў да Службы бяспекі. З дапамогай «Кіберпартызан» і бота «Вока Змагара» мы даведаліся, што некаторыя жыхары фігуравалі ва ўцечках у сувязі са службай у структурах МУС. У спісе ўладальнікаў таксама знайшліся імёны некалькіх супрацоўнікаў Мінгарвыканкама.
Пяць кватэр знаходзяцца ў кіраванні Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку (ААЦ) — аднаго з самых закрытых ведамстваў Беларусі, якое афіцыйна абараняе ад уцечак дзяржсакрэты і «іншыя звесткі, якія ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам». Таксама там могуць жыць звычайныя людзі, не звязаныя з дзяржслужбай.
Заказчыкам гэтага дома было Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска, работы выконвала арганізацыя «МАПІД». Побач адну за адной пабудавалі адразу пяць шматпавярховак: пачалі ў ліпені 2023‑га, а скончылі ў снежні 2025‑га.
Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Вадзім Перадня паведамляў, што ўсе пяць дамоў прызначаныя для людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. СМІ не раз называлі гэтае месца «новым кварталам для шматдзетных».
Для чатырох дамоў можна знайсці афіцыйныя праектныя дэкларацыі, дзе пазначаныя ўмовы куплі кватэр. У кожнай згадвалася, што шматпавярхоўкі будуюць «для грамадзян, у першую чаргу шматдзетных сем’яў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў».
А вось для пятага дома — № 74, дзе ў выніку размясціліся «бяспечнікі», — такога дакумента знайсці не ўдалося. Магчыма, яго не было альбо публікацыю зрабілі ў недаступным для пошуку фармаце. Супрацоўнікі аховы Лукашэнкі маглі стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў разам са 171 600 іншымі мінскімі сем’ямі. Паводле інфармацыі «Люстэрка», да атрымання новых кватэр у многіх з іх не было сваёй нерухомасці ў Мінску. У некаторых жылплошча была, але квадратных метраў магло не хапаць. А вось шматдзетныя сярод навасёлаў далёка не ўсе, у большасці сем’яў — па 1−2 дзіцяці.
Новыя кватэры не былі бясплатнымі, аднак маглі абысціся значна танней за рынкавы кошт для Мінска. Цану квадратнага метра ў «сілавым» доме № 74 не публікавалі, жыхары суседніх шматпавярховак таго ж забудоўшчыка называлі журналістам сумы ў 2100−2300 рублёў за квадрат.
Як даведалася «Люстэрка», многія навасёлы са Службы бяспекі афармлялі льготныя крэдыты ад «Беларусбанка» на 20 гадоў, сумы пазык склалі ад 50 да 90 тысяч рублёў. Кватэры, набытыя на такіх умовах, нельга прадаваць да пагашэння пазычанасці. А вось тыя, хто набыў жыллё без банкаўскай пазыкі, маюць права выставіць яго на продаж. У інтэрнэце можна знайсці адзінкавыя аб’явы пра перапродаж кватэр у непублічным доме № 74. У іх фігуруюць цэны ў 5400 і 6460 рублёў за метр.
Імаверна, такой магчымасцю скарыстаўся Аляксей Шкут са Службы бяспекі. У студзені 2026‑га яго сям’я аформіла трохпакаёвую кватэру ў новабудоўлі на вул. Валгаградскай, а ў лютым прадала яе (сума ўгоды невядомая). Ужо ў сакавіку сям’я купіла ўчастак і дом у Дзяржынскім раёне. Дарэчы, без жылплошчы ў Мінску Аляксей не застаўся: яшчэ з 2014‑га на яго была аформленая іпатэчная аднапакаёўка на вуліцы Тышкевічаў.